Конкурс мой родны кут


Сцэнарый мерапрыемства літаратурна-музычнай гасцёўні “Зямля бацькоў – мая зямля” ў рамках Рэспубліканскай акцыі “Чытаем разам – чытаем па-беларуску!”

derzhinsk-31Настаўнік. Добры дзень, шаноўныя госці, калегі, сябры! У нашай вёсцы і ў нашай школе свята. Мы маем гонар вітаць удзельнікаў Рэспубліканскай акцыі “Чытаем разам – чытаем па-беларуску!”

Некалькі месяцаў крочыць гэтая акцыя па Беларусі. Яе мэта – абуджэнне цікавасці да беларускамоўнай літаратуры, павышэнне ролі мастацкай кнігі ў культурным жыцці нашай краіны.

У Міёрскім раёне і ў нашай Язненскай сярэдняй школе вучні і настаўнікі актыўна ўключыліся ў правядзенне гэтай акцыі. Мы разам наведвалі бібліятэкі, чыталі,   арганізоўвалі выставы кніг на роднай мове, знаёміліся з беларускімі дзіцячымі газетамі і часопісамі, удзельнічалі ў літаратурных гульнях, малявалі ілюстрацыі і майстравалі лялечных герояў.

Нашы дзеці не аднойчы выказвалі жаданне сустрэцца з аўтарамі любімых твораў.

А сёння іх мары здзяйсняюцца.

У рамках Рэспубліканскай акцыі “Чытаем разам – чытаем па-беларуску!”  ў нас у гасцях беларускія паэты і пісьменнікі:

Ліпскі Уладзімір Сцяпанавіч – галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, лаурэат Дзяржаўнай прэміі

Мятліцкі Мікалай Міхайлавіч – галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, лаурэат Дзяржаўнай прэміі

Масла Алена Сцяпанаўна – пісьменніца, наша зямлячка

Малахоўскі Рагнед – выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара часопіса “Бярозка”

Панізнік Сяргей Сцяпанавіч – паэт, наш зямляк

Радзікевіч Анастасія Віктараўна – намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка”

Бучынская Наталля Сцяпанаўна – пісьменніца, наша зямлячка

А зараз я запрашаю вас у літаратурна-музычнае падарожжа “Зямля бацькоў – мая зямля”. Свае таленты вам пакажуць юныя спевакі, танцоры, музыкі, паэты і кампазітары.

“Давайце разам паслухаем,  як прыгожа гучыць роднае слова.

Давайце разам адчуем радасць ад таго, што мы аддаём даніну павагі нашым бацькам, дзядулям і бабулям, нашым далёкім продкам – стваральнікам прыгожай спеўнай мовы – і разам з тым робім крок у тую будучыню, дзе ў беларусаў ёсць свой, не згублены ў вірлівым свеце твар.” (А.Масла. Рэспубліканская акцыя “Чытаем па-беларуску!” – часопіс “Бярозка”, №4 2010 год, с.4-5)

 

…………………фонавая музыка (Я.Глебаў, адажыа Ружы і Прынца з балета ”Маленькі прынц”)……………………..

Вядучы 1. Радзімачка-Радзіма!

Радзімая Зямля,

Мяне ты нарадзіла,

У дарогу правяла!

Сатканы луг з рамонкаў

Мне сніўся па начах,

А ты бярозкай тонкай

Стаяла ў вачах…

Ты бачылася ў росах,

У птушцы трапяткой,

У воблачках бялёсых,

У сцежачцы крутой…

Радзімачка-Радзіма!

Куточак родны мой!

Паўсвету я схадзіла,

Ды не найшла такой!

Вядучы 2. Мая краіна, мая Бацькаўшчына…  Усяго чатыры словы, але ж якая моц гучыць у іх, колькі пяшчоты, колькі гонару маюць яны! Наша вечна маладая, заўсёды  квітнеючая і такая старажытная беларуская зямля. Наш родны кут…

Вядучы 1. Той, хто шмат вандраваў за межамі нашай краіны, амаль заўсёды кажа: “У гасцях добра, а дома лепш!” Дзе б мы ні былі, чаго б толькі ні бачылі, але ж заўсёды душа цягнецца да роднай зямлі, роднай хаты. Ці бачылі вы дзе больш прыгожыя палі, лясы, больш шырокую прастору рэк і азёр, ці чулі больш мілагучны спеў салаўя? Ды ніколі і нідзе не ўбачыце, не пачуеце такога!

….…песня “Здравствуй, Родина моя!» (муз.С.Толкунова, сл. С.Сологуб)…..

Вядучы 1. Менавіта тут, на гэтай прыгожай зямлі, і ўзнікла наша вёска Язна, першыя звесткі аб якой датуюцца 1552 годам.

Вядучы 2. Заснавальнікам Язненскага маёнтка з’яўляецца памешчык Дзмітрый Корсак, прадстаўнік чацвёртага калена знакамітага роду Корсакаў, старажытнасць якога сягае ў канец 15 стагоддзя.

Вядучы 1. У часы царавання Аляксандра ІІ у цэнтры Язна быў пастаўлены яму помнік. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1919 годзе Язненшчына была акупіравана белапалякамі, якія заставаліся тут да 1939года. Мяжа паміж усходняй і заходняй Беларуссю праходзіла каля самых вуглоў Язненшчыны.

Вядучы 2. 17 верасня 1939 года пасля вызвалення Чырвонай Арміяй Язна ўвайшло ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі 42 воіны-землякі і мірныя жыхары.

Вядучы 1. Зараз у цэнтры вёскі знаходзіцца прыгожы культавы будынак другой паловы 19 стагоддзя – Язненская Спаса-Праабражэнская царква.

Вядучы 2. У вёсцы працуюць  4 гаспадарчыя прадпрыемствы: сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Язна”, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, аддзяленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, лясніцтва.

Вядучы 1. Маюцца таксама Дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя і бальніца, аптэка, комплексны прыёмны пункт, грамадская лазня, аддзяленне сувязі, аддзяленне Беларусбанка, кафэ, тры дзяржаўныя і дзве камерцыйныя крамы, музычная школа, дзіцячы сад і сярэдняя агульнаадукацыйная школа.

 

………….. песня “Мелодыя маёй зямлі”, аўтар і выканаўца настаўніца   Бахір І.М.…………

Вядучы 1. Матуля – школа.

Слаўны, мілы кут!

Маленства я сваё згадаю тут.

Шуміць над ганкам медналісты клён…

Мой даўні дружа!

Добра помніць ён

І смех, і песні, і бялюткі сад,

І піянерскі сонечны парад.

Вядучы 2. Адукацыя на Язненшчыне пачалася з адкрыцця ў 1875 годзе народнага вучылішча – пачатковай свецкай школы. У школе выкладалі Закон Божы, арыфметыку, чытанне, мову і царкоўныя спевы. Навучалася 53 хлопчыкі і 1 дзяўчынка.

Вядучы 1. Мінула больш за 100 гадоў. У 1990 годзе пачаліся заняткі ў цяперашнім будынку школы. У школе 14 вучэбных кабінетаў, 2 майстэрні для працоўнага навучання, спартыўная зала, бібліятэка, сталовая, кабінет сацыяльна-псіхалагічнай службы, актавая зала, цэнтр выхаваўчай работы, этнаграфічны куток і музей “Гісторыя школы”. Зараз у школе навучаецца 136     вучняў.

Выступаюць вучні 4 класа

1-ы:

Мы прыйшлі ў кнігарню з мамай.

На паліцах – безліч кніг!

Тоўстых, тонкіх – розных самых.

Цэлы свет – у кніжках тых.

2-і:

– Я куплю табе вось гэту…

Гэту й гэту варта ўзяць…

Ты пра ўсе краіны свету

З гэтых кніжак будзеш знаць.

1-ы:

– Ой, як добра! Дзякуй, мама!

Я пра іх чытаць люблю,

Толькі знаць хачу таксама

Я пра нашую зямлю.

І яшчэ – за што, няйначай,

Буду ўдзячна я ўдвайне –

Ты купі на мове нашай,

Беларускай, кніжку мне.

То ж Айчыны нашай мова,

Мова прадзедаў, бацькоў.

У той мове што ні слова –

Дыямент жывы вякоў.

Невук – хто яе не цэніць.

Ці ж магу я здраджваць ёй:

Я ж не нейкі адшчапенец,

Я ж не нейкі чужаземец

На святой зямлі сваёй!

К.Цвірка

  1. Часопіс “Вясёлка” жыць цікава дапамагае.

Часопіс “Вясёлка” дзяцей забаўляе.

А зараз наш чацвёрты клас

Яго вам прадстаўляе.

  1. З “Вясёлкай весела нам жыць,

З “Вясёлкай” весела дружыць.

З “Вясёлкай” крочым мы па краі.

Сёння ў Язненскую школу

Пісьменнікаў вядомых запрашаем,

Творы якіх мы даўно ўжо чытаем.

  1. Вось часопіс дык часопіс — ён для ўсіх дзяцей знаходка.

Вершы, казкі, крыжаванкі, розныя апавяданкі,

Загадкі, лічылкі, смяшынкі мы з цікавасцю чытаем,

Нават песенькі спяваем.

  1. Пра край родны беларускі, пра раёны і пра вёскі,

Пра гарады і пасёлкі мы чытаем у “Вясёлцы”.

  1. Казкі , вершы, апавяданні

Вучаць добрымі нас быць,

Паважаць старэйшых ды Радзіму,

Як маці, бязмерна любіць.

  1. Пра народ свой, і пра мову, і пра рэкі, пра азёры,

Пра бары, і пра крыніцы, пра дары роднай зямліцы.

Ганарымся родным краем.

Вось пра гэта ўсё мы ў “Вясёлцы” і чытаем.

  1. Госці паважаныя ў нашай школе як пабудуць,

Пра язненскі край твор складуць і ў “Вясёлцы” надрукуюць.

  1. Мы будзем “Вясёлку” з задавальненнем чытаць

І нашу сустрэчу  ўспамінаць.

  1. Галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі. Мне падабаюцца ўсе яго творы, але найбольш зацікавіла апавяданне “Вёскі”. У гэтым творы расказваецца, як утварыліся назвы вёсак. Прапаноўваюцца мудрыя павучанні: “Гультая зямля не любіць”, “Праца чорная, затое хлеб белы”.     Я пастаралася выканаць заданне і паспрабавала разгадаць тайну назвы сваёй вёскі.

Мая вёска Язна бярэ сваю назву ад ракі Язенкі, якая тут працякае. Некалі ў рацэ вадзіліся язі, адсюль і назва Язна.

  1. А мне спадабалася апавяданне У.Ліпскага “Сталіца”. Я даведалася шмат цікавага пра сталіцу нашай краіны горад-герой Мінск. Упершыню ў летапісе ўпамінаецца ён у 1067 годзе. Сёння гэта горад з сучаснымі будынкамі, шырокімі вуліцамі і праспектамі.
  1. “Мова – душа чалавека”,–гаворыць У.Ліпскі ў апавяданні “Мова”. Аўтар вучыць мяне любіць сваю беларускую мову. Я зразумеў, што трэба ведаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. Я  старанна адношуся да ўрокаў беларускай мовы і літаратурнага чытання. Я лічу, хто не ведае сваёй мовы, не можа быць сапраўдным грамадзянінам сваёй Радзімы.
  1. А мне спадабаліся апавяданні  У.Ліпскага “Айчына” і “Беларусь”. Я даведалася пра тое, чаму мая Радзіма называецца Беларусь. Я выконвала заданні, прапанаваныя аўтарам, адказвала на пытанні, працавала з картай Рэспублікі Беларусь, разгадвала цікавыя рэбусы.
  1. А я прачытаў  казку Наталлі Бучынскай “Яблык і вусень”. Я зразумеў, што трэба жыць у дружбе, рабіць дабро адзін аднаму.
  2. Часопіс “Вясёлка” мы чытаем на гадзіне інфармавання, абмяркоўваем прачытаныя творы, некаторыя нават завучваем на памяць.
  1. Мы рыхтуемся да ўрока пазакласнага чытання на тэму “У гасцях у “Вясёлкі”.
  1. Мы “Вясёлку” не толькі чытаем, але і выконваем ілюстрацыі да прачытаных твораў. У класе ў нас дзейнічае выстава малюнкаў. Мы выказваем падзяку галоўнаму рэдактару Уладзіміру Сцяпанавічу Ліпскаму і рэдакцыйнай калегіі за такі цікавы і змястоўны часопіс. Жадаем вам поспехаў і плёну ў працы, шчасця ў жыцці.

 

…песня “Сена маладое”(муз.А.Чыркуна, сл. В.Мысліўца)…….………

…………………….………………….на фоне музыкі………………

 

Чытальнік 1. Зямля Беларусі! Вачамі азёраў

Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс,

Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,

Знікаюць на водах, на чорных разорах,

На травах, абсыпаных кроплямі рос.

П.Броўка

Чытальнік 2. О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

Дзе бары-лясы гудуць,

Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

Нівы гутаркі вядуць;

Гэтых гмахаў безгранічных

Балатоў тваіх, азёр,

Дзе пад гоман хваль крынічных

Думкі думае прастор;

Дзе увосень плачуць лозы,

Дзе вясной лугі цвітуць,

Дзе шляхом старым бярозы

Адзначаюць гожа пуць!

Я.Колас

Чытальнік 3.Высозныя сосны

адвечнага  бору –

пад самае сонца,

пад самыя зоры.

Зубры

ў гушчары

пратапталі сцяжыны

туды, дзе ніводнай 

няма каляіны.

Маліна сама

Так і просіцца ў жмені,

грыбы – у кашы,

бы ў загоне алені.

Вітаюць нас

птушкі і дрэвы гасцінна…

Ну дзе яшчэ знойдзеш

такія мясціны?

Усім на зямлі

я давесці бяруся:

няма прыгажэй

ад маёй Беларусі!

А.Вольскі

…………………………..музыка заціхае……………………………

Вядучы 1. Наша Язненская зямля прыгожая не толькі краявідамі, але і таленавітымі людзьмі.

Вядучы 2. Знакаміты мастак Міхась Ляўковіч, выпускнік нашай школы, на пытанне “Што любіце маляваць?” адказаў: “Партрэты родных і блізкіх, захапляе прырода, ёсць язненскія краявіды, малюю тое, што хвалюе душу”.

Вядучы 1. І вось у 2005 годзе да юбілею школы мастак падараваў карціну “Мой родны кут”. На карціне мастак паказаў месца, якое ва ўсе часы з’яўлялася асновай духоўнасці ў вёсцы Язна.

Вядучы 2. Зараз Міхась Ляўковіч з’яўляецца членам Саюза мастакоў Беларусі, узначальвае Суполку “Віцебская акварэль”.

Вядучы 1. У сямігадовым узросце прыехаў у вёску Язна Пятро Сіняўскі. У школьныя гады з’явілася ў яго жаданне авалодаць мастацкім словам. І мара здзейснілася.

Вядучы 2. Пётр Іванавіч Сіняўскі з’яўляўся членам Саюза журналістаў Беларусі.

Вядучы 1. Былі ў яго творчасці казкі. Зараз  яны гучаць са старонак падручніка “Беларуская літаратура. 5 клас”. Казкі Пятра Сіняўскага  натхняюць, захапляюць, вучаць мудрасці і справядлівасці, нясуць трапнасць народнага слова. Яго творы не старэюць, у іх заўжды ёсць сённяшні і заўтрашні дзень.

Вядучы 2. Пры нашай школе працуе школа юнага журналіста,  якая была створана па ініцыятыве жонкі Пятра Іванавіча Саламеі Антонаўны. Яе ўдзельнікі падрыхтавалі скарбонку казак і ілюстрацый да іх. Дзеці з’яўляюцца актыўнымі падпісчыкамі часопіса “Бярозка”.

Вядучы 1. Падрыхтаваць і выдаць кнігу казак Пятра Сіняўскага ўзялося выдавецтва “Літаратура і мастацтва”.

Успаміны пра Пятра Іванавіча і яго казка “Янкава крынічка” друкаваліся на старонках часопіса “Бярозка”.

 

…………………………………танец  “Рэчанька”………………….

 

Вядучы 1. Кнігі і часопісы – гэта скарбніцы ведаў. Мы маем магчымасць трымаць у руках гэтыя скарбніцы і з павагай вывучаць іх. Нездарма ў народзе кажуць: хто з кнігаю дружыць, той ніколі не тужыць.

Вядучы 2. Запрашаем вас у падарожжа па старонках беларускіх часопісаў і кніг.

Выступаюць вучні 7 класа

На вясковым на двары

Заспрачаліся сябры:

-Перайшоў я ў сёмы клас.

Запытаюся   ў  вас:

Што мне выпісаць, чытаць,

Які часопіс лепш абраць?

-         Я выпісваю  “Вяселку”.

Ён часопіс вельмі ёмкі!

-          Што   ты, сябар, не смяшы,

Яго ж чытаюць малышы!

-         Ты для браціка свайго

Пачытаць можаш яго,

А для нашага узросту

Той часопіс вельмі просты!

-         Я  выпісваю “Качели”!

-         Я – вяселы “Каламбур”…

А чаму маўчыць Алена?

-         Ты  , Аленка , не сумуй.

Мо, нічога не чытаеш?

Мо, часопісаў не маеш?

І адказвае Аленка

Усім на дзіва горда, звонка:

-         Я выпісваю “Бярозку”

Хоць часопіс той няброскі,

Вельмі я яго люблю

І ніколі не змяню.

Там усё мне даспадобы,

Там усё мне для душы.

На кожнай старонцы

Сустракаюцца мае сябры.

Пісьменнікаў творы

Нас у госці завуць,

Міерскія фрэскі

У вершах жывуць.

І  Петр Сіняўскі

У казках жыве

І роднае слова

За сэрца кране.

На кожнай старонцы

Адкрыццяў лавіны,

І юныя таленты

Нашай краіны.

Часопіс “ Бярозка”

У тым дапаможа.

На пошце яго кожны

Выпісаць можа.

Усіх  заклікаем

На мове роднай размаўляць,

Па –беларуску больш чытаць,

І Бацькаўшчыну шанаваць.

Частушкі: 1. Як  “Бярозку” я гартаю,

Сэрца нават замірае:

Мова родная такая

Беларуская , жывая!

2.   Тут легенды ажываюць,

Вершы дзеці дасылаюць.

Ёсць пра розныя краіны

І пра родныя мясціны!

3. На “Бярозчыных” старонках -

“Паэтычныя вандроўкі”,

Вернісаж работ цікавых,

Песень, конкурсаў нямала.

4. Хто з “Бярозкай” пасябруе,

Таму вельмі пашанцуе.

Беларуская сяброўка

Запрашае на старонкі!

Выступаюць вучні 6 класа

1. Прывітанне  ўсім   ад  шасцікласнікаў!

2.  Наш  піянерскі  атрад  называецца  “Класная  кампанія”.

3. Мы  і  сапраўды  класная  кампанія,  бо  стараемся  добра  вучыцца,  любім  спартыўныя  гульні  і  спаборніцтвы,  наведваем  гурткі  і  ўдзельнічаем  у  розных  справах.

4. А  яшчэ  мы  любім  свой  родны  край,  сваю  мову,  школу і  сваіх  родных.

5. Мы  з  задавальненнем  чытаем  дзіцячыя  газеты  і  часопісы  і  часта  дзелімся  сваімі  ўражаннямі  ад  прачытанага.

6. Мы  -  вялікія  фантазёры  і  летуценнікі,  бо  разам  з  часопісам  “Вясёлка”  адпраўляемся  ў  завочныя  падарожжы  па  розных  краінах  свету.

7. Раз  -  і  мы  з   пазіраем  з  Вялікай  кітайскай  сцяны  на  адну  з  самых  старажытных  краін  свету,  дзе  пражывае  больш  за  мільярд  трыста  мільёнаў  чалавек.

8. Два  -  і  мы  ўжо  ў  другой  па  колькасці  насельніцтва  краіне  ў  свеце  -  Індыі.  Тут  мы  накіроўваемся  ў  цэнтр  кінаіндустрыі  -  Балівуд.

9. Тры  -  і  мы  пераносімся   ў  маленькую  Венецыю  -  Венесуэлу.  Менавіта  так  называў  гэты  край   Хрыстафор  Калумб.  Мы  адпраўляемся  па  самай  доўгай  ў  свеце  дванаццацікіламетровай   канатнай  дарозе  на  горную  вяршыню.

  1. Чатыры  -  і  мы  на Каўказе,  на  памежжы  Еўропы  і  Азіі – Азербайджане -   у музеі  пад  адкрытым  небам  на  стаянцы  першабытнага  чалавека  бронзавага  веку.
  2. Пяць  -  і  мы  на  Украіне.  Наведваем  Сафійскі  сабор  і  Кіева – Пячэрскую  Лаўру.
  3. Пачакайце,  хопіць,  хопіць!  Мы  ўжо  стамілі  гледачоў!  Дазвольце  сказаць  нам  шчырыя  словы  падзякі  вядучай  рубрыкі     часопіса  “Вясёлка”  Анастасіі  Радзікевіч.
  4. Гэта  хлопчыкі  нашы  падарожнікі,  а  мы  дзяўчаты  -  летуценніцы,  бо  хоць  і  амаль  ўжо  дарослыя,  але  любім  казкі.
  5. Я  не  ведаю  ні  адной  дзяўчынкі,  якая  б  не  марыла  стаць  прынцэсай  або  прыгажуняй,  з-за  якой  будуць  змагацца  на  турніры.
  6. Або  атрымаць   у  падарунак  букет  з  “кітайскіх  ліхтарыкаў”.
  7. Ці  пра  нешта  сваё  марыць,  пазіраючы  на Палярную  зорку.
  8. Так,  мы  ўсе  любім  казкі.  Мы  іх  не  толькі  чытаем,  слухаем,  але  і  малюем  да  іх  свае  ілюстрацыі,  інсцэніруем.
  9. Мы  вельмі  рады,  што  сёння  маем  магчымасць  пазнаёміцца  з аўтаркай  любімых  намі  казак  -  Аленай  Масла.
  10. Мы  чыталі  вашу  кнігу  “Першая  прыгажуня”  выдавецтва  “Літаратура  і  мастацтва”.
  11. Мы  рабілі  ілюстрацыі  да  вашых  казак.
  12. І  хочам  праінсцэніраваць  адну  з  іх.  Гэта  казка  “Лыжка  ў  гасцях  у  Міскі”.

Інсцэніроўка казкі  А.Масла “Лыжка ў гасцях у Міскі “ (часопіс “Вясёлка” №4  2011 год, c.17)

 

 

Выступленне вучаніцы 11 класа  пра часопіс “Полымя”

 

……песня “Абяцаная” (муз. Н.Скапец, сл. Т.Атрошчанка)…..

Вядучы 1. Адкрываю, як свет, нанова

Беларускае роднае слова,

Пералівістае – як праменьчык,

Вясёлкавае – як ручэй,

Цёплае – як агеньчык

Добрых тваіх вачэй,

Светлае – як маланка,

Гнеўнае – як пярун,

Ціхае – як калыханка,

Вечнае – як Беларусь!

А.Канапелька

Вядучы 2. Давайце разам паслухаем, як прыгожа гучыць роднае слова ў вершах нашых гасцей Міколы Мятліцкага, Сяргея Панізніка, Рагнеда Малахоўскага, Марыны Весялухі.

……………………на фоне музыкі……………………………………

Чытальнік 1. Агністы вам адкрыецца сусвет,

Ліловым шляхам зорным павядзе,

Апаліць душы водсветам камет,

Крамяным, як лілеі на вадзе.

I пусціць вас на зорны сіні плёс,

Вякі даруе — дзейсніце палёт!

Адны пазнайце найсалодшы лёс

Дароў высокіх — вечнасці шчадрот.

Зямля адпусціць ваш нятленны дух,

Імжой не перакрэсліўшы сырой.

Мільярды новых зорных завірух

Сагрэюць сэрца вечнасці старой.

Мікола Мятліцкі

Чытальнік 2. Вы маеце Дзяржаву – школьны клас,

А ў ім, нібыта піраміды, парты.

ВЫ – заўтрашні народ.

Пакажа час, хто тут вучыўся ўдумлівы, упарты.

Калі ў школе вы развееце стагоддзяў дым –

Я вам адкрыю скарбы беларускіх ведаў:

У роднай мове – тайны запавету.

Чароўны ключ –

У слове залатым!

Сяргей Панізнік

Чытальнік 3. Крытычна крытык правіў тры слупкі:

Лічыў памер і рыфмаваў радкі,

Метафару, эпітэт падбіраў,

Стараўся  -  аж тры ночы ён не спаў.

Закрэсліваў, паметы ставіў на палях –

Аж пальцы сталі ўсе яго ў мазалях…

Затое вынік быў якраз такі –

Харошы, чысты верш – аж ТРЫ РАДКІ

Марына Весялуха

Чытальнік 4. Усё жыццё чагосьці мы чакаем,

Усё жыццё сядзім каля вакна.

Ці хутка шчасце ў дом наш завітае?

Ці зойдзе ў хату Ён або Яна?

Усё жыццё мы спадзяванні нашы

Ўкладаем толькі ў заўтрашні свой дзень.

Вось ён настане – будзе ўсё іначай,

І зацвіце ў лесе нават пень.

…Праходзіць час, а шчасце не прыходзіць,

Ні Ён не завітае, ні Яна.

Сусед даўно суседку карагодзіць,

А мы сядзім, сядзім каля вакна…

Марына Весялуха

Чытальнік 5. Салодкія вусны – як неба пасля навальніцы,

А словы кахання – цнатлівай расой на траве.

І зоркі гараць, як пад ранішнім сонцам суніцы,

І сэрца пяшчотную песню кахання пяе.

Юначыя мары падхоплены подыхам ветру,

А вочы галактык – у кропельцы чыстай вады.

Прачыстыя думы душу прасвятляюць да нетраў,

А вера мацуе, ратуе ад лютай бяды.

Прыцішаным голасам песня крынічна ліецца.

Нясмелыя зоры цалуюць расу на траве.

Бяздоннае неба ў каханых вачах адаб’ецца, -

Народзіцца дзень, – значыць, свет у каханні жыве!

Рагнед Малахоўскі

…песня пад гітары  “Тры чарапахі” (з рэпертуара  гурта “N.R.M”)…

 

……………………на фоне музыкі……………………………………

Чытальнік 1. Няма радзімы без бацькоўскай хаты;

Бусліны клёкат – гэта родны дом;

Ты будзеш жыць шчасліва і багата,

Калі над хатай – буслава гняздо.

А летнім днём блакіт нябёс бясконцы

І воблакі – мелодыя без слоў,

І над зямлёю роднай наша сонца,

І крылле прамяністае буслоў.

П.Панчанка

Чытальнік 2. О Беларусь, мая калыска,

Жыццё маё, прытулак мой!

З гарачаю любоўю нізка

Схіляюся перад табой.

Зямны паклон табе, радзіма,

Тваім палям, тваім лясам,

Тваім заводам з белым дымам,

Тваім гасцінцам і шляхам.

На спелых нівах ураджайных,

Ад краю ў край, ва ўсе канцы,

Махаюць крыламі камбайны,

Спяваюць жнеі і касцы.

П.Панчанка

Чытальнік 3. Мяжуе з Польшчай, Украінай,

Расіяй, Латвіяй, Літвой.

Твой родны край, твая Айчына –

Жыццё тваё і гонар твой.

І ты яе запомні імя,

Як неба, сонца і зару.

Твая зямля, твая радзіма

Названа светла –

Бе-ла-русь!

Ю.Свірка

 

…………песняМалітва” (муз. А.Моўчана, сл. Я.Купалы)……………….

Вядучы 1. Калі хочацца авалодаць

Нашай мовай,

Вывучайце яе не па граматыках,

Каноны якіх часта бываюць

Супярэчлівымі;

Не па слоўніках,

Якія старэюць раней,

Як выйдуць з друку;

Не па шыльдах,

Якія часта мяняюцца.

А вывучайце

Па спрадвечных нашых пісьмёнах

Крыніц, дарог, плугоў,

Па гоману дрэў

У вясновым і зімнім уборы,

Па матчыных калыханках

На змярканні і ў час зарападу,

Па цішыні папялішчаў Хатыні

І брацкіх магіл,

Па зязюльчынай варажбе

І жураўлінаму крыку,

Па грому салютаў

І шэлесту нашых сцягоў,

Па ззянню агнёў

І расплаўленай сталі ў вагранках,

Па поціску рук,

Што зброяй валодаць умеюць

І сябрам

Дораць на ільняных ручніках

Хлеб і соль,

Сваё сэрца

І дружбу.

М.Танк

……песня “Беларусь – імя святое”(муз. Г.Казловай, сл. М.Траццякова)…

Жойдзік Людміла Зігмундаўна – нам. дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнік беларускай мовы і літаратуры  ДУА “Язненская СШ” Міёрскага раёна Віцебскай вобл.

Кабяк Святлана Леанідаўна – настаўнік беларускай мовы і літаратуры  ДУА “Язненская СШ” Міёрскага раёна Віцебскай вобл.


Источник: http://www.veselka.by/?p=2222



Рекомендуем посмотреть ещё:


Закрыть ... [X]

ГУО Средняя школа 2 г. Могилёва
Живи и улыбайся стихПожелания по именам дашаПоздравление с днем рождения для сослуживца другаОткрытки про самолеты и летчикахПапочка мы тебя любим с днем рождения


Конкурс мой родны кут Конкурс мой родны кут Конкурс мой родны кут Конкурс мой родны кут Конкурс мой родны кут Конкурс мой родны кут Конкурс мой родны кут Конкурс мой родны кут Конкурс мой родны кут